Свята-Аляксандра-Неўская царква ў аг.Крэва
Крэўская царква св. Аляксандра Неўскага ўзведзена ў 1854 годзе па тыпавому праекту, зацверджанаму Свяшчэнным Сінодам і Міністэрствам унутраных спраў царскай Расіі. Яна мае свае вонкавыя асаблівасці і сваю адметную гісторыю.
Гэта помнік архітэктуры позняга класіцызму і рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашана кампактным прамавугольным у плане аб’ёмам пад 2-х схільным дахам, які над алтарнай часткай увянчаны цыбулепадобным купалам на 8-гранным барабане. Да галоўнага фасада прыбудавана 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай.
Архітэктурная выразнасць будынка дасягаецца кантрастным спалучэннем бутавай муроўкі (элемент вонкавай архаізацыі) і атынкаваных пабеленых элементаў дэкору: руставаных вуглавых лапатак, ліштваў арачных аконных праёмаў, карніза і фрыза.
Малітоўная зала перакрыта драўляным цыліндрычным скляпеннем, апсіда вылучана драўляным іканастасам.
Першыя пісьмовыя звесткі пра крэўскую царкву св. Мікалая адносяцца толькі да 1609 года: кароль дае адказ на скаргі жыхароў Крэва, што крэўскі стараста Ян Валмінскі парушае законы і правы сялян. Сярод скаргаў значыццца і такая, што стараста вольна абыходзіцца з зямельнай маёмасцю царквы св. Мікалая.
Іншых звестак пра праваслаўныя святыні тагачаснага Крэва пакуль што няма. Ёсць яшчэ паведамленне, што ў 1768 годзе ў мястэчку існавалі “шпіталі рымскі і рускі”, гэта значыць, адзін належаў касцёлу, а другі царкве.
Больш-менш пэўныя звесткі пра праваслаўныя храмы ў Крэве адносяцца да другой паловы XIX стагоддзя.
Дзяменцій Плаўскі, які служыў у гэты час святаром крэўскай царквы св. Аляксандра Неўскага, пазнаёміўшыся з “візітамі” – апісаннем маёмасці цэркваў з 1763 года, прыйшоў да наступнай высновы: акрамя чатырох храмаў, што існавалі ў Крэве ў канцы XIX стагоддзя, калісьці тут меліся яшчэ чатыры. Пра іх месцазнаходжанне можна было толькі здагадвацца, абапіраючыся на паданні, мясцовую тапаніміку і размяшчэнне старажытных могілак.