Музей - сядзіба Ф. Багушэвіча к. XIX ст. у в.Кушлянах
Комплекс уключае сядзібны дом, капліцу, гаспадарчыя пабудовы, парк.
У сядзібным доме размяшчаецца музей знакамітага беларускага паэта і публіцыста Ф.Багушэвіча (музей пачаў працаваць з 2 чэрвеня 1990 г).
Сядзібны дом – прамавугольная ў плане аднапавярховая зрубная пабудова з высокім двухсхільным дахам. Рытм аконных праёмаў і слупоў галерэі галоўнага фасада будынка надае асаблівую архітэктурную выразнасць.
З малых архітэктурных форм збераглася драўляная капліца.
Гаспадарчыя пабудовы таксама драўляная, размешчаны на паўднёвы захад ад дома.
Парк з пладовым садам знаходзіцца ў асяроддзі будынка сядзібнага дома, падзелены прамавугольнай сеткай алей. Займае ён крыху больш за два гектары. Кажуць, што Францішак Багушэвіч быў выдатным агароднікам. “Аграном таго не ведаў, што ведаў Багушэвіч”, - згадваў пра паэта яго кушлянскі сусед Станіслаў Альхімовіч. Прысядзібны парк належыць да рэгулярнага тыпу паркаў. У ім добра спалучалася садовая пасадка з дэкаратыўнай. Шмат на Багушэвічавай сядзібе расло сліў, вішняў,чорных і чырвоных парэчак, агрэсту. Сярод іншых насаджэнняў пераважаюць ліпа, клён, елка, трапляюцца экзэмпляры лістоўніцы.
З вёскай Кушляны цесна звязана жыццё і дзейнасць выдатнага беларускага паэта, празаіка, публіцыста Ф.Багушэвіча.
Кушляны – старадаўняе сямейнае гняздо Багушэвічаў. У 1749 годзе фальварак купіў за чатырыста пяцьдзесят злотых прапрадзед Ф.Багушэвіча – Антон.
У пару маленства Ф.Багушэвіча Кушляны нагадвалі старасвецкі кут з усімі яго атрыбутамі, з нізкімі прысадзістымі пунямі, аборамі, свіранамі, стадоламі, з прыдарожнымі каплічкамі і крыжамі. Хата, у якой рос будучы паэт, была больш падобная да сялянскай. Месцілася яна на іншым месцы. Яе называлі афіцынай. Была яна на два канцы. Пасярэдзіне – брылёк-паветка на слупках- кругляках, сенейкі, камора. Перад паветкай – пляскаты камень-парог. Уваход у хату быў з боку гаспадарчых пабудоў. Стаяла яна на мураваным падмурку. Прастаяла старая бацькоўская хата да трыццатых гадоў XX ст. Падмурак яе ацалеў і паказвае месца на якім яна была.
У 1837 г. бацька Ф.Багушэвіча быў афіцыйна ўзведзены ў валоданне Кушлянамі.
У перыяд з 1841 па 1846 гг. сям’я Багушэвічаў пераехала на пастаяннае жыхарства з маёнтка Свіраны (каля Вільні) ў Кушляны.
Адсюль у 1852 годзе Ф.Багушэвіч разам з братам Валерыянам паехаў паступаць у 4-х класнае аддзяленне Віленскай гімназіі. У родны дом ён прыязджаў на святы і на канікулы. У 1861 г. закончыў гімназію ў ліку чатырох лепшых вучняў, у верасні гэтага ж года быў залічаны студэнтам Пецярбургскага універсітэта, “слухаў навукі па матэматычнаму разраду”. Але пачаліся студэнцкія хваляванні, у якіх Францішак Багушэвіч прымаў удзел. Каб пазбегнуць рэпрэсій за ўдзел у хваляваннях, 13 лістапада ён падаў прашэнне аб звальненні з універсітэта і вярнуўся ў Кушляны.
Багушэвіч едзе ў маёнтак Доцішкі Лідскага павета, дзе памешчык Звяровіч адкрыў прыватную школу для вясковай дзетвары.
Недалёка ад Доцішак у маёнтку Падзітва жыў у той час вядомы польскі мовазнаўца і фалькларыст Ян Карловіч, з якім малады настаўнік пазнаёміўся і пасябраваў на ўсё жыццё.
Падзеі паўстання 1863-1864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага не абмінулі і Кушляны, якія ператварыліся ў своеасаблівы апорны пункт паўстанцаў.
За ўдзел ў паўстанні 1863-1864 гг. быў арыштаваны бацька паэта Казімір, сястра Ганна і малодшы брат Апалінар. Маёнтак на нейкі час быў секвестраваны. Існуе легенда, што ў памяць аб гэтых падзеях Ф.Багушэвіч збудаваў на тэрыторыі сядзібы капліцу.
Сам Ф.Багушэвіч знаходзіўся ў вышуку. Трэба было на нейкі час пакінуць родныя мясціны. Ян Карловіч, з якім у гэты крытычны момант давялося сустрэцца, параіў выехаць на Украіну, пазычыў грошай на дарогу. У маі 1865 г. Францішак Багушэвіч аказаўся ў Нежыне, паступіў у Юрыдычны ліцэй, адначасова працаваў хатнім настаўнікам, бо бацькі не маглі дапамагаць матэрыяльна. У ліпені 1868 г. Ф.Багушэвіч закончыў навучанне і адразу паступіў на службу памочнікам справавода Чарнігаўскага губернскага праўлення, а праз год перайшоў на пасаду следчага ў Чарнігаўскую судовую палату.
Толькі ў 1884 г. паэт змог вярнуцца на радзіму. Паэт быў ужо жанаты на Габрыэлі Шклёнік, якая была родам з Мінска.
17 снежня Багушэвіч падае прашэнне ў Віленскі акруговы суд залічыць яго прысяжным паверанным. Вясною 1884 г. сям’я пасяляецца у Вільні, у невялікім драўляным доме лекара Казлоўскага на вуліцы Коннай, дзе пражыла 14 гадоў.
У 1896 г. паэт атрымаў у спадчыну пасля смерці варшаўскага сваяка Тадэвуша някепскую суму, што дазволіла яму здейсніць мары свайго жыцця. Ён разлічваецца з арандатарамі спадчыннага фальварка Кушляны, сплачвае радні і аднаўляе гаспадарку. З 1898 г. Ф.Багушэвіч становіцца паўнапраўным гаспадаром сядзібы. Ён пабудаваў новы дом у Кушлянах, завёз дачку вучыцца ў Дрэздэнскую вакальную школу.
Ф.Багушэвіч з’яўляецца аўтарам двух паэтычных зборнікаў “Дудка беларуская”(Кракаў, 1891 г.), “Смык беларускі”(Познань, 1894 г.), кніжкі- апавядання “Тралялёначка”(Кракаў,1892 г.).
15 (28) красавіка 1900 г. Ф.Багушэвіча не стала. Пахаваны ў в. Жупраны Ашмянскага раёна.
У 1900 г. на тэрыторыі сядзібы ў в. Кушляны устаноўлены камень з мемарыяльным надпісам.
Музей-сядзіба Ф.Багушэвіча – аб’ект турыстычнага маршрута. Аб’екту нададзена 3-я катэгорыя каштоўнасці.
Комментариев нет:
Отправить комментарий