четверг, 31 января 2013 г.


Касцёл Святой Тройцы ў в. Данюшава
Помнік архітэктуры неаготыкі
Касцёл размешчаны на заходняй ускраіне вёскі на правым беразе ракі Віліі. Пабудаваны ў 1809 г. з дрэва на месцы старога храма, узведзенага тут яшчэ ў ХVII ст. Абнесены каменнай агароджай з брамай. Побач з касцёлам – званіца.
Першы касцёл у Данюшаве быў узведзены з дрэва ў 1620 г. на сродкі Яна Кішкі і яго жонкі Хрысціны з Друцкіх-Сакольскіх, як філіял сольскага. У 1728 г. Мікалай Кошыч заснаваў тут езуіцкую місію. Пасля ліквідацыі ордэна езуітаў у 1773 г. касцёл быў прылічаны да парафіяльных. У канцы ХVIIІ ст. ён быў разбураны, і службы праходзілі ў хляве. У 1809 гпамешчык Мірцін Кліманскі пабудаваў у Данюшаве новы храм. У 1899 г. ён быў пашыраны ксяндзом Гінтаўтам Ніказегам з дапамогай прыхаджан. Каталіцкая парафія Данюшава налічвала 3720 веруючых. Само мястэчка ў сярэдзіне ХІХ ст. належала памешчыцы Чарноцкай. У ім пражывала 212 жыхароў.


Калі ў 1866 г. смаргонскі касцёл св. Міхаіла быў закрыты, а яго будынак перадалі пад праваслаўную царкву, то большая частка смаргонскай каталіцкай парафіі была далучана да Данюшава, якое знаходзілася ў 6 вёрстах ад Смаргоні.
У гады першай сусветнай вайны ў данюшаўскім касцёле быў створаны нямецкі шпіталь. Па загаду нямецкага камандавання была разабрана званіца, у самім касцёле збудавалі печы для яго абагрэву, коміны ад якіх вывелі ў вокны. Памерлых ад ран немцаў хавалі проста ў двары. Аб гэтым сведчаць два помнікі нямецкім афіцэрам, якія знаходзяцца ўнутры касцёльнай агароджы. Пасля таго як лінія фронта стабілізавалася непадалёку ад вёскі, немцы узвялі перад касцёлам вялікі помнік з камянёў і бетону, які прысвяцілі “памяці слаўнага наступлення 1915 г.”.
Вёска Данюшава – радзіма вядомага ў каталіцкай іерархіі ксяндза-прэлата Яна Курчэўскага (1854 – 1917). Курчэўскі шмат зрабіў для касцёла: набыў арган, падараваў у 1907 г. вялікі звон. На ім захаваўся надпіс:“Прыхаджанам данюшаўскім ад прэлата Курчэўскага. Няхай не акамянеюць сэрцы тых, хто пачуе гэты звон. Вільня, 1907 год”. У 30-я гг. мінулага стагоддзя для яго спецыяльна пабудавалі новую званіцу. Старажылы расказваюць, што звон чуўся да самай Смаргоні.
У 60-я гг. касцёл закрылі. Старажытныя абразы і начынне людзі паспелі вынесці і схаваць. У касцёле знаходзілася спачатку зернесховішча, а пазней захоўвалася ільняное насенне калгаса “Сцяг Перамогі”. Тады ж са званіцы скінулі і звон. Ён доўга ляжаў каля касцёла, яго хацелі здаць на металалом, але змаглі толькі вырваць язык. Сам звон ацалеў і некаторы час захоўваўся ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
У канцы 80-х гг. ХХ ст. касцёл у Данюшаве зноў быў адкрыты. Людзі вярталі выратаваныя абразы і начынне, змаглі аднавіць стары арган. Для звона на Смаргонскім заводзе аптычнага станкабудавання адлілі новы язык, але вярнуць звону ранейшы голас так і не ўдалося.

Комментариев нет:

Отправить комментарий