четверг, 31 января 2013 г.


Касцёл Прасвятой Троіцы ў в. Войстам

Помнік архітэктуры стылю “мадэрн”Знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Пабудаваны ў пач. ХХ ст. з цэглы, бутавага каменю і бетону.
Звесткі аб першым касцёле адносяцца да 1440 г. У гэты час ўладальнікам маёнтка і мястэчка Ушакова (пад такой назвай раней упамінаецца в. Войстам) быўпан Вайдзіла. У гэтым мястэчку ён заснаваў на свае сродкі каталіцкую парафію і пабудаваў касцёл. Каб забяспечыць існаванне парафіі пан Вайдзіла ахвяраваў для яе дары.
У канцы ΧV – пач. ΧVI стст. уладальнікам Ушакова быў Стэфан Андрушковіч Ятаголдавіч Радзівіл, які жыў у мястэчку і меў тут свой двор.
У ΧVI ст. касцёл стаў кальвінскім збором.
У 1674 г. – касцёл быў адрэстаўрыраваны намаганнямі ксяндза Панасевіча і наноў асвечаны суфраганам Слупскім.


У 1744 г. касцёл быў адбудаваны з дрэва ксяндзом Янам Твардоўскім.
У 1809 г. на могілках у Войстаме ксёндз Грынеўскі пабудаваў капліцу, якая была адноўлена каля 1890 г.
У гады Першай сусветнай вайны касцёл у Войстаме быў разбураны. Па успамінах старажылаў на тым месцы, дзе цяпер касцёл, быў магільнік і немцы хавалі тут сваіх нябожчыкаў. А драўляная каплічка замяняла ў некаторых сітуацыях касцёл. Яна мела форму чатырохбаковай двухпавярховай вежы з арачнымі вокнамі, дзе знаходзілася фігура Божай Маці або Езуса Хрыста. Чатыры сцяны капліцы азначаюць канчатковыя рэчы – смерць, Божы Суд, чысцілішча і пекла, а скляпенне сімвалізуе неба.
Прыкладна ў 1922‑1923 гг. пры ксяндзе Мачульскім пачалі будаваць сучасны касцёл. Усімі работамі кіраваў інжынер з Вільні – Галубовіч. Будаўніцтва ішло на сродкі парафінян, зборы якіх былі арганізаваны ксяндзом Мачульскім і вікарыем Янам Завістоўскім. Першы малебен у яшчэ недабудаваным касцёле адбыўся ў ліпені 1939 г.
У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы зрабілі у ім склад зерня. Пасля вайны пачаліся аддзелачныя работы ўнутры касцёла. Аздобу алтарнай часткі і хораў зрабіў вікарый Жук (ураджэнец х. Юрздыка, што некалі быў каля Войстама). У пасляваенны час у касцёле служыў ксёндз Марцэлі Слупінскі, які памёр у 1950 г. Да 1957 г. свяшчэнніка ў Войстаме не было. Парафіяне самі ўтрымлівалі храм, даглядалі яго. З 1957г. па 1981г. у касцёле служыў ксёндз ФранцМіхайлавіч Більша. Пры ім храм быў электрыфікаваны і абгароджаны. З 1981 г. сюды наязджалі розныя ксяндзы, каб адслужыць св. Імшу – Грынкевіч, Шуткевіч, Ясевіч, Куляшэвіч. Пры апошнім  пачалі ўзводзіць новую агароджу вакол касцёла, зрабілі паравое ацяпленне. З 1987 г. работы па ўнутранай аддзелцы ўзначаліваў ксёндз Антон Казіміравіч Юссель. Узамен драўлянага скляпення ўнутры касцёла было пакладзена з бетону, былі заменены іншыя дэталі інтэр’еру храма. У касцёле ёсць арган.
Зараз пробашч парафіі Войстама ксёндз Лявон Ладышус.

Комментариев нет:

Отправить комментарий