четверг, 31 января 2013 г.


Касцёл Маці Божай Добрай Рады ў в. Нястанішкі
 Помнік архітэктуры неаготыкі
Касцёл знаходзіцца за 2 км на захад ад вёскі. Пабудаваны ў 1905 г.
Першы драўляны на каменным падмурку касцёл Святой Троіцы ў Нястанішках быў закладзены ў 1497 г. Багданам Андрэевічам дэ Паніжан. Ён быў уладальнікам маёнтка Паніжаны, размешчанага ў адной мілі ад Нястанішак. На ўтрыманне касцёла Багдан Андрэевіч выдзеліў фальварак Мядзель з 14 сялянамі, надзеленымі зямлёй і 12 беззямельнымі сялянамі, а таксама 10 сажалак і азёр: Светлае, Блакітнае, Вавёрчына, Барсукова і інш.; чацвёртую частку зямлі ў Седлішчы на 2 бочкі зерня з лугамі пры іх; дзесяціну з Ліпялішак і Аршвят, размешчаных за Віліяй.


У касцёльнай кнізе захаваўся запіс, што праз некалькі дзесяткаў гадоў пасля будаўніцтва і асвячэння касцёла “абывацелі літоўскія і ерэтыкі, якія жывуць па суседству з Нястанішкамі, прысвоілі падараваную касцёлу маёмасць”. Толькі ў1604 г. ксёндз Войцех Кальчынскі, плябан Свірскі, вярнуў касцёльную маёмасць і далучыў яе да свірскай плябаніі. А ў 1616 г. ён аднавіў касцёл у Нястанішках.
У 1749 г. ксёндз Павел Ядлінскі адбудаваў драўляны касцёл і плябанію нанова.
У сярэдзіне ХІХ ст. у Нястанішскім касцёле з’явіўся алтар Святога Ізідора. Ён быў узведзены на сродкі Матыльды Бучынскай, сястры Габрыэлы Пузыны з Гюнтараў, якая стала уладальніцай Нястанішак у 1851 г.
У 80-я гг. ХІХ ст. парафія (прыход) Нястанішак налічвала 4415 веруючых.
У час Вялікай Айчыннай вайны вёска моцна пацярпела ад нямецкіх бамбардзіровак, але касцёл уцалеў.
У гады савецкай улады касцёл закрылі, але сам будынак і яго ўнутраннае ўбранне захавалася. У пач. 90-х гг. ХХ ст. касцёл зноў адчыніў свае дзверы.
Нястанішскі касцёл вядомы сваімі святамі. Галоўнае з іх – гэта свята (фэст) у гонар св. Ізідора. Яго адзначаюць у першую нядзелю пасля 10 ліпеня. У касцёле захоўваецца рэліквія святога Ізідора, прывезеная з Мадрыда. Ёсць яшчэ адна святыня – драўляны крыж, у цэнтры якога  знаходзіцца прах Аўгуста Чартарыйскага, ксяндза-салезіянца. Гэтую рэліквію прывезлі з Рыма.
У другой палове жніўня адзначаецца свята святога Роха – заступніка ўсіх хворых. А 1 мая – яшчэ адно свята, прысвечанае Маці Божай Добрай Рады, чые імя ў наш час мае касцёл.
У 2005 г. касцёл адзначыў свой 100-гадовы юбілей. Да гэтага юбілею быў адрамантаваны дах, абнесены агароджай магілы, добраўпарадкавана касцёльная тэрыторыя, пракладзена бетонная дарожка з прыступкамі, ачышчана крынічка, вада з якой лічыцца жыватворнай.

Комментариев нет:

Отправить комментарий